Аглядная экскурсія

     Музей “Cпадчына” быў адгрыты ў верасні 2002 года. Музей ствараўся з мэтай зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю, выхаваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага, выклікаць цікавасць да набыцця гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных і лінгвістычных ведаў. Экспазіцыя музея налічвае больш за 150 прадметаў, якія па крупіцах збіраліся ў розных кутках Беларусі. Экспанаты музея сабраны ў вёсках Віцебскай вобласці (Пастаўскі раён) і Мінскай вобласці (Вілейскі раён). Вялікая музейная калекцыя – заслуга яе заснавальніцы Аллы Браніславаўны Куксавай , якая доўгі час працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе.

     У музеі прадстаўлены прылады працы і прадметы побыту, мэбля, вышыўка, беларускія ручнікі. Усе экспанаты музея адлюстроўваюць жыццё беларускага народа на працягу ХІХ – ХХ ст.

     Пераступіўшы парог музея, мы адразу трапляем у стылізаваную хату беларускага селяніна.Хата мае адзін пакой, у якім знаходзіцца прадметы побыту, посуд, тканыя вырабы, вышыўка, беларускія ручнікі, якія згрупаваны ў тэматычныя экспазіцыі.

РАЗДЗЕЛЫ ЭКСПАЗІЦЫІ:

Прадметы хатняга ўжытку

Да першай тэматычнай экспазіцыі нашага этнаграфічнага музея «Спадчына» адносяцца прадметы хатняга ўжытку. Экскурсавод апавядае пра печ, выпечку хлеба, дзяжу, драўляную лапату, маслабойку, ступу, гліняны посуд, чыгун.

Прылады працы гаспадара і гаспадыні

         Наступная экспазіцыя – гэта прылады працы гаспадара і гаспадыні.Яны падзяляліся на мужчынскія і жаночыя. Ёсць у нас цэп, якім малацілі жыта, авёс ці ячмень. Серп, каса, граблі, рагуля – прылады працы ў лузе, дзе касілі травы, рушылі сена, вяршылі стагі.

     Асаблівай сімволікай валодалі прылады жаночай працы. А вось гаспадыніны прылады: прас, качалкі. Прас награваўся вуголлем, які браўся з печы. Прасавалі адзенне святочнае, лепшае. А будзённае і бялізну, у асноўным ільяную, разгладжвалі з дапамогай качалак.

Матулін ручнік

     Экспазіцыя «Матулін ручнік» апавядае пра ручнікі. Акрамя  практычнага ўжытку, эстэтычнага выкарыстання,   даматканыя вырабы, асабліва ручнікі, мелі недругараднае дачыненне ў абрадавых дзеяннях нашага народа.Устойлівае рытуальнае выкарыстанне ручніка разам з хлебам.  Яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, павязваліся цераз плячо важнейшым удзельнікам вяселля. Як знак жалобы ручнікі вывешвалі за акно на Дзяды.

Беларускі ручнік арнаментаваўся пераважна ўзорыстым тканнем. Да найбольш пашыранага тыпу адносіцца кампазіцыя з адной ці некалькіх папярочных палосбардзюраў, падпарадкаваных адзін аднаму і ўтвараючых адзінае цэлае. арнамент ручніка звычайна багаты і разнастайны. На рубяжы 19-20 стст. у ім пераважалі даўнія ромба-геаметрычныя ўзоры, потым з’явіліся раслінныя матывы.

Посцілкі, ручнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы былі не проста ўжыткам хатняга абіходу. Узоры тканых і вышываных вырабаў – гэта зашыфраваны аповед пра жыцце народа, яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні.

Традыцыйнае беларускае адзенне

Тэматычная экспазіцыя “Традыцыйнае беларускае адзенне” дазволіць даведацца не толкі пра тое, што насілі нашы продкі, але і пазнаёміць з тым, як і з чаго рабілі адзенне раней.

У шырокім сэнсе адзенне – гэта не толькі вопратка, але і галаўныя ўборы, абутак, упрыгожванні. У залежнасці ад тыпалагічных асаблівасцей яно падзяляецца на мужчынскае і жаночае (можна вылучыць дзіцячае і юнацкае), летняе і зімняе або верхняе паўсядзеннае і святочнае.

Матэрыяламі для адзення служыла мясцовая сыравіна – лен, пянька, воўна, а таксама аўчына, футра, скура і інш. У якасці  фарбавальнікаў выкарыстоўвалі настоі розных кветак і траў, лісце і кару, балотную руду, гліну. Асноўныя фарбы, што складалі каляровую гаму народнага адзення, - чырвоная, сіняя (васільковая), чорная, бурая (альховая).

Народная творчасць

       У першай палове 19 стагоддзя атрымоўвае дальнейшае развіццё народная творчасць. Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, на непасільную працу, беларусы не страцілі пачуцця прыгажосці. Вышыўкі на святочным адзенні, ткацтва, вязанне шыдэлькамі і прутамі, разьба па дрэве, якой упрыгожвалі хатнія рэчы, ганкі, вароты сведчаць аб высокім мастацкім гусце народа. Беларускіх майстроў запрашалі нават у Пецярбург і Маскву.

Разделы сайта